Школа в. Яцкавічы святкавала сваё 80-годдзе!

01.06.2017
Многія госці, наведваўшыя Базавую школу ў в. Яцкавічы, адзначалі - школа гэтая асаблівая.

-->Фотаздымакi з месца падзеі<--

Многія госці, наведваўшыя Базавую школу ў в. Яцкавічы, адзначалі - школа гэтая асаблівая. Асаблівая яна сваёй непаўторнай атмасферай хатняй утульнасці, душэўнага цяпла, гасціннасці і яблыкамі -“Антонаўкамі” са школьнага саду, якімі тут традыцыйна частуюць наведвальнікаў. 27 мая школа святкавала сваё 80-годдзе. Святочна упрыгожаны школьны двор, хвалюючая і ўрачыстая атмасфера, адчуванне радасці і адначасова суму, а, часам, і слёзы на вачах у прысутных, авацыі і словы падзякі педагогам – гэта можна было ўбачыць у школе ў той дзень. Гэта было вельмі запамінальнае, добрае і кранальнае свята, перапоўненае пачуццямі і эмоцыямі. Гэтае свята не толькі і не столькі адзначае сабой нейкую веху ў гісторыі школы, колькі сведчыць аб захаванні духоўнай сувязі былых вучняў са школай, дзе былі атрыманы першыя ўрокі жыцця. У гэты дзень успаміналі педагогаў, якія аддалі Яцкавіцкай школе лепшыя гады свайго жыцця, жывых і пайшоўшых у вечнасць, успаміналі гісторыю школы з таго самога моманту, калі яна ў 1937 г. адчыніла дзверы для сваіх першых вучняў.

80 гадоў мінула з той пары, калі школа ў в. Яцкавічы пачала свае жыццё. На святкаванні 80-годдзя школы ў в. Яцкавічы было шмат гасцей: былыя вучні, пачынаючы з выпускаў 1950-х гадоў, настаўнікі, жыхары вёскі - для ўсіх гэтых людзей гэтае свята было вельмі важнай і значнай падзеяй, можа быць, для кагосці рэдкая магчымасць сустрэцца. Сярод ганаровых гасцей былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Людміла Васільеўна Жуковіч і былы кіраўнік СПК “Астрамечава” Аляксей Сцяпанавіч Скакун. На святочным мерапрыемстве таксама прысутнічалі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага райвыканкама Вiталiй Валерьевiч Чарапенька і іншыя кіраўнікі сістэмы адукацыі Брэсцкага раёна, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Брэсцкага райвыканкама Янчук Наталля Мікалаеўна, старшыня Брэсцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ціхан Зарына Віктараўна, старшыня Лышчыцкага сельскага выканкама Дзячэк Іна Анатольеўна, дырэктар ААТ «Астрамечава» Бурак Алег Анатольевіч. Выступаючыя падзялялі радасць прысутных, дзякавалі педагогам школы за плённую працу, а таксама ўручалі каштоўныя падарункі. Школа ў в. Яцкавічы славіцца ў Брэсцкім раёне сваімі цудоўна дагледжанымі садовымі ўчасткамі і агародам, дзе педагогі і вучні вырошчваюць кветкі, гародніну і садавіну. Так што цяпліца, падораная школе, без сумневу, прыйдзецца да спадобы вучням і настаўнікам для працягу такой улюбёнай імі садова-агародніцкай справы. Педагогі школы былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі Брэсцкага райвыканкама, ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў, ганаровымі граматамі упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага райвыканкама, граматай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. І, што асабліва кранула, з вялікай павагай і любоўю ўспаміналі аб настаўніках, большая частка жыцця якіх была звязана са школай ў в. Яцкавічы - Шумавец Ніну Ямельянаўну, Судзібор Алу Фёдараўну, Кірэенка Валянціну Мікалаеўну, і, канешне, Дабышук Лідзію Міронаўну, якая, на 8 гадоў старэйшая за школу, адпрацавала 29 гадоў настаўнікам і 13 гадоў дырэктарам гэтай школы. Ушанавалі і памяць Мікалая Андрээвіча Судзібора, які напрацягу 22 гадоў узначальваў школу ў в. Яцкавічы. Пабываўшым на святкаванні, якое было падорана педагагічным калектывам і вучнямі ДУА “БШ в. Яцкавічы”, нельга было не зразумець, што школа мае традыцыі, школа захоўвае гістарычную памяць, школа выхоўвае ў сваіх навучэнцаў любоў, падзяку і вернасць. Таму, хочацца пажадаць гэтай школе яшчэ доўгага і плённага жыцця. І хочацца спадзявацца, што і надалей яна будзе расчыняць свае дзверы для вучняў, сучасных і былых!

Наталля Яўгеньеўна Дзядзічкіна